У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ідуць рэпетыцыі новага спектакля “Тата”.

За п’есу маладога беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага “Тихий шепот уходящих шагов” узялася рэжысёр Кацярына Аверкава. Дэкарацыі рыхтуе галоўны мастак тэатра Барыс Герлаван. Касцюмы – маладая мастачка і яго выпускніца Вольга Шчарбінская. Музыку да пастаноўкі піша Мацвей Сабураў.

У п’есе ёсць галоўны герой Аляксандр (Раман Падаляка, Сяргей Рудэня) – вайсковец у мінулым, што пасля смерці бацькі (Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук) вяртаецца жыць у яго дом. Ёсць старэйшая сястра Наталля (Зоя Белахвосцік, Яўгенія Кульбачная), Людміла (Юльяна Міхневіч, Алена Сідарава) з мужам Алегам (Андрэй Кавальчук, Сяргей Краўчанка), Зіна (Вольга Няфёдава, Вікторыя Чаўлытка) і малодшая Ганна (Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак). Усе, акрамя Ганны, хочуць прадаць бацькоўскі дом. Ёсць сны Аляксандра, у якіх да яго заўжды прыходзіць бацька. Ёсць медыум Альберт (Ігар Дзянісаў, Вячаслаў Паўлюць) і сусед Юрасік (Мікалай Кучыц, Арнольд Памазан), з дапамогай якіх Аляксандр намагаецца атрымаць для сябе адказ, ці любіў яго бацька. Чакаем прэм’еру, каб убачыць усё гэта на сцэне Купалаўскага.

У 2013 годзе п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага “Тихий шепот уходящих шагов” увайшла ў лонг-ліст Міжнароднага драматургічнага конкурса “Еўразія”. З гэтым жа творам аўтар перамог у інтэрнэт-галасаванні “Конкурса конкурсаў” расійскага фестываля “Залатая маска-2013″. А першы на Беларусі спектакль па гэтай жа п’есе з верасня 2013 года ідзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў пастаноўцы рэжысёра з Кыргызтана Шаміля Дыйканбаева.